Поздравление со светлым праздником Пасхи Христовой благочинного церквей Глубокского округа протоиерея Михаила Изоитко

ХРЫСТОС УВАСКРОС! САПРАЎДЫ ЎВАСКРОС!
І ў даўнія часы апостальскага дабравесця, і ў нашы дні гэтыя словы пасхальнага вітання выказваюць непарушную аснову хрысціянскай веры. Гэты кароткі сімвал нашай веры змяшчае сэнс зямнога існавання; у ім выказана сутнасць Вечнага Жыцця, якое адкрылася роду чалавечаму праз Трохдзённае Уваскрасенне Госпада нашага Іісуса Хрыста. Увесь сусвет, усё стварэнне Гасподняе трымаецца на тым, што Сын Божы стаў Сынам Чалавечым, спазнаў крыжовую смерць за грахі свету, уваскрэс з мёртвых і Сваім Уваскрасеннем вярнуў чалавека ў абдымкі нябеснага Айца, Уседзяржыцеля, Тварца неба і зямлі. Прычынай жа ўсяго, што адбылося, была Любоў: «Бо так узлюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ін.3: 16).
Дарагія браты і сёстры! Як часта мы, разважаючы на гэтыя высокія тэмы, не заўважаем іх адлюстравання ў нашым паўсядзённым жыцці! А дакладней, не спяшаемся настроіць яго на гэтую хвалю чысціні, веры і спадзявання. Няўжо трывога нашага грамадства пра тое, што дзяцей на нашай зямлі нараджаецца ўсё менш, а маладыя сем’і распадаюцца ўсё часцей і хутчэй,што шмат людзей гінуць ад злоўжывання алкаголем, — не гучыць для хрысціянскіх сэрцаў пагрозлівым прадвесцем наступстваў, трагічных для краіны і народа? Няўжо не пакліканы мы, хрысціяне, у першую чаргу яўляць перад Богам і людзьмі прыклад дзейснага жыцця паводле Евангелля, і ў тым ліку — у жыцці сямейным і грамадскім? Наша вера павінна кіраваць намі кожнае імгненне нашага жыцця. Быць хрысціянінам — значыць несці пасхальную сілу любові нашым блізкім, ўсім людзям, якіх сустрэнем на нашым жыццёвым шляху.
Любоў жа да Госпада няхай будзе для ўсіх нас сілаю, якая ўмацоўвае ў любові да бліжняга і да нашай Бацькаўшчыны. Будзем тут, на нашай Глыбоцкай зямлі , маліцца аб дараванні нам Божай благадаці, каб Гасподзь дапамагаў у нашай працы, у ва ўсіх нашых добрых справах.
Узлюбленыя браты і сёстры! Захоўвайце сваю радасць аб Уваскрасенні Хрыстовым ва ўсе дні вашага жыцця! Нясіце яе людзям і шчодра дзяліцеся з імі яе пладамі! Малітоўна жадаю вам міра, радасці, здароўя і дабрабыту!
Сапраўды ўваскрос Хрыстос Бог наш!
Пратаіерэй Міхаіл Ізаітка

(33)